ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял. кн. ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.
т. 6, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)